вторник, 29 октября 2013 г.

Беларуская ментальнасьць

 Язэп Паўловіч

Беларуская ментальнасьць у зьменлівым сьвеце пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ў соцыюме і часе.

“... Логас і міт ў такой жа малой ступені ўзаемавыключаюць адзін аднаго, як навука і рэлігія. Міт акружае і тлумачыць Логас, бо па той бок нашае веды раслеглася бязьмежная ноч нязнанага.

Дакладна ў гэтым стыку пачынаецца трансцэндэнтнасьць, што пасярэднічае нам у доступу да міту. Той, хто недаацэньвае, альбо зусім ігнаруе гэта, толькі даказвае ўласнае невуцтва, такому чалавеку дастаткова задавальняць штодзёныя патрэбы. Ён забываецца, што любая дзейнасьць, кожны (яго) рух адбываецца на тле дэкарацый Сусьвету, напоўненага зорамі.  ...

“С(ус)ьвет ёсьць канструкцыяй, у пабудове  каторай мы ўсе можам прымаць удзел”.
 І.Р. Прыгожын

 
Большасьць дасьледчыкаў справядліва лічаць менталітэт народу і нацыі самым кансэрватыўным складнікам матывацыйных чыньнікаў сацыяльных паводзінаў. На гэтую тэму напісана і гаворана вельмі шмат. Калі ж вылучыць асноўную ролю гэтага складніка, фармалізаваць яго, то нацыянальная ментальнасьць апынецца ракурсам бачаньня сябе і сусьвету народам, альбо асобаю, да яго прыналежнаю. Яна ёсьць дынамікаю праяваў менталітэту нацыі альбо народа. Самаацэнка народу і бачаньне навакольнага сьвету выступаюць ў гэтым сэньсе грунтам ментальнасьці, кропкаю адліку асноўных духоўных каардынатаў ў прасторы мажлівасьцяў сацыяльных паводзінаў у межах пэўнае грамадскае супольнасьці. Калі коратка, ментальнасьць народа –  заўсёды спроба рэалізацыі міту аб сабе ў межах дасяжнае рэчаіснасьці

Калі вылучыць асноўныя рысы беларускае ментальнасьці, то гэта татальны дуалізм і амбівалентнасьць, што вельмі падобна да ментальнасьці народа украінскага, але пераўзыходзіць ягоныя. Тое і ня дзіва з гледзішча траекторый гістарычнага шляху іх абодвух і памежнае лякалізацыі на палітыка – геаграфічнае мапе Эўропы. Мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў моцнае, але поліморфнае падсьвядомае.

Гэткі стан рэчаў ёсьць грунтам для існаваньня вельмі шырокага спектру тыповых сітуацыйных рэфлексій чальцоў нашага сучаснага грамадства. З аднаго боку, сфармаваўшыся як сістэма прыстасаваўчых рэакцый выжываньня ва ўмовах пастаяннае вонкавае агрэсіі, такая нацыянальная ментальнасьць дазваліла захавацца літвінам-беларусам як нацыі. Зь іньшага боку, плынь гістарычных падзей апошніх стагодзьдзяў замацавала ў нашым народзе комплекс пераможанага. Сёньня менавіта гэтае “гістарычна-псіхалягічнаю” глыбіннаю траўмаю можна вытлумачыць асноўныя існуючыя мадэлі сацыяльных паводзінаў беларусаў.

Найгоршаю, самаразбуральнаю рысаю беларускае ментальнасьці можна лічыць заніжаную самаацэнку: г.зн.ацэнку сябе і ўласнае здольнасьці скарыстацца мажлівасьцямі моманту. Тое стала грунтам для фенамену татальнае “адмовы ад свайго”. І тут ўжо не важна, хада ідзе аб таварах ці прамысловых вырабах (насамрэч не заўсёды якасных), альбо праявах культуры, ці нават ўласна людзях. У сьвядомасьці паспалітага грамадства часьцей любы замежнік ёсьць лепшы за беларуса толькі таму, што ён замежнік. Гэты ж комплекс, што спараджае стан няўпэўненасьці, таксама фармуе спадзяваньні на тое, што зьмены да лепшага прыйдуць аднекуль звонкі, нехта іньшы зможа  вырашыць нашыя ўласныя ўнутраныя праблемы. Зрэшты, тое ёсьць спадзяваньнем на цуд, альбо шчасьлівы зьбег абставін.

Адваротным бокам гэтага комплексу зьяўляецца пабытовае непрыняцьце тых, хто адрозны ад “сярэдняга” асноўнае масы людзей і таму “вытыркаецца” сваім выглядам, паводзінамі ці ідэямі. Менавіта гэтыя рысы нацыянальнага характару беларусаў пашырыліся апошнім часам праз, зноў жа замежны, ўплыў “поля рускае ментальнасьці”, абвастрыўшы латэнтную пабытовую ксэнафобію і антысемітызм. Адначасна, такая сістэма поглядаў цалкам ужываецца ў межах аднае асобы са скрайнім індывідуалізмам і нават вульгарным эгаізмам.

Уласьцівы нам ліцьвінска-беларускі менталітэт складваўся і крышталізаваўся тысячагодзьдзямі і ментальнасьць нашага народа адпавядала яго пабытоваму стану, дазваляла выжываць у самыя цяжкія часы і складаных умовах. Але зарас плынь падзей значна паскорылася, а іх колькасьць расце ў геамэтрычнае прагрэсіі. Натуральныя сістэмы адаптацыі чалавечае супольнасьці не дазваляюць соцыюму своечасова і адэкватна рэагаваць на іх.

За апошнія пару дзесяткаў год адбылося некалькі тэхналягічных рэвалюцый, што цалкам зьмянілі жыцьцё чалавечага грамадства, прынамсі той яго часткі, што ўваходзіць у “залаты мільярд”. Але таксама лавінападобна, разам з гэтым, нарастаюць і крызісныя зьявы ва ўсіх сферах дзейнасьці Чалавецтва. Мы жывем у час, калі разгортваецца і набірае моц сістэмны крызіс чалавечае цывілізацыі. Таму беларуская ментальнасьць і мажлівасьць яе трансфармацыі, адаптацыі грамадства да новага тэмпарытму жыцьця і мэтаў, ёсьць ці не вырашальным фактарам для вызначэньня будучыні краіны. Зразумела, што перспектывы нашае надыходзячае будучыні немагчыма вызначыць у адрыве ад прагнозу агульных тэндэнцый разьвіцьця і паўстаючых праблемаў “Глябальнага Чалавецтва”.

Актуальная сітуацыя вызначаецца пагрозаю сусьветнае палітычнае нестабільнасьці. “Палюсы сілы”, што доўгія дзесяцігодзьдзі былі апораю існуючае сістэмы ўзаемаадносін, імкліва губляюць сваю моц і прыцягальнасьць для іньшых краін. Не заціхае афра-азіяцкая дуга ўзброеных канфліктаў, рэвалюцый і лякальных войнаў. І калі ваенныя закалоты і эканамічныя праблемы яшчэ часткова паддаюца нейкаму палітычнаму рэгуляваньню, то экалягічныя крызісныя хвалі паступова накрываюць усё Чалавецтва.

Сутуацыю абцяжарвае агульны ідэйны і культурніцкі крызіс “глябальнае эўрапейскае цывілізацыі”, які можна коратка сфармуляваць як страту вобраза “Чалавека гуманнага”, спадчыннага ад Рэнесансу і хрысьціянскае этыкі. Гэта вядзе да страты матывацыі пазітыўнае творчасьці і вынішчэньня высокае культуры грымасамі “поп– пост- пост мадэрнізма”, альбо зусім ўжо мізантрапічнымі манефестацыямі, якія толькі фармальна, як вынік нейкае дзейнасьці чалавека, можна аднесьці да зьяваў “культурніцкіх”.

Таксама пэўную “зьмену вехаў” можна назіраць і ў фундаментальнае навуцы. Ўжо дзесяцігодзьдзі не сьціхае крытыка існуючых парадыгмаў “афіцыйнае навукі”. Шэраг адкрыцьцяў апошнага часу ставяць пад пытаньне як кананізаваную зарас навуковую карціну Сусьвету, так і мэтодыкі эксперыментаў. Найбольш рэвалюцыйныя сьветапоглядныя вынікі можна чакаць ад дасьледваньняў “цёмнае матэрыі” і “цёмнае энэргіі”, якія складаюць, як аказалася, 95% агульнае масы нашага Сусьвету, але не назіраюцца звычайнымі прыборамі. Іх склад і ўласьцівасьці зусім пакуль не вядомыя нават гіпатэтычна.  Ў дадатак зьявіліся дадзеныя, што пацьвярджаюць існаваньне не аднаго Сусьвету, а пэўнае сістэмы многіх Сусьветаў, не адзін Унівэсум, а – Мульцівэрсум.
Падагульняючы, - Чалавецтва, ў першую чаргу “эўрапіезаваны сьвет”, стаіць на парозе радыкальных зьменаў сьветапогляду і ладу жыцьця, як асэнсаванае рэакцыі на  надыходзячы, новы стан рэчаіснасьці.

Калі ж разглядаць “глябальнае сацыяльнае”, то асноўнымі трэндамі сучаснасьці ёсьць глябалізацыя (дакладней адначасова рэалізуюцца розныя яе варыянты), татальная урбанізацыя і абвастрэньне канкурэнтнае барацьбы як паміж існымі, так і новымі, толькі паўстаючымі, відамі чалавечых асацыяцый.

Усе гэтыя рэвалюцыйныя зьмены “ляндшафту” рэчаіснасьці і навакольнага асяродзьдзя не могуць не спараджаць канфлікту з падставовымі пластамі чалавечае і, зразумела, “народнае традыцыйнае” сьвядомасьці. Цяжка сказаць, у якіх формах і як такія рэфлексіі чалавечага соцыюма знойдуць яны з часам сваё ўвасабленьне, але ментальнасьць народа грае ў гэтае справе вялікую ролю.

Як ужо адзначалася вышэй, сама ментальнасьць народа ёсьць зьяваю квазістабільнаю, але варыябельнымі ёсьць яе праявы ў кожны дадзены момант і пры пэўных абставінах. Тыповыя паўторы такіх рэфлексій, у савю чаргу, рэгіструюцца механізмамі калектыўнае сацыяльнае памяці і, праз зваротныя сувязі і назапашваньне вопыта, адбіваюцца на “спосабе думаньня” народа, яго калектыўным несьвядомым. Мажлівымі ёсьць таксама  раптоўныя “скачковыя” зьмены асобы пэўнага чалавека (як і групы людзей), што не толькі зьмяняе яго паводзіны, але і можа ўплываць на менталітэт– дэфамаваць яго.

Ментальнасьць народа ўтвараецца ўсяе супольнасьцю людзей, што ўвасабляе яго, але яна ня ёсьць простаю інтэгральнаю іх сумаю. Каб ацаніць ступень падатлівасьці ментальнасці народа знешнім уплывам і магчымыя накірункі яе трансфармацыі, неабходна зразумець да канца механізмы чалавечага мысьленьня, ў чым сутнасьць чалавека?  Як фармуецца асоба пасьля нараджэньня і існуе надалей у соцыюме? Больш-меньш поўных адказаў пагатоў мы ня маем. Зрэшты, сам прадмет дасьледваньняў ёсьць вельмі складаным - “сістэмаю сістэм”, і непарыўная (да таго ж халістычная) сутнасьць чалавечае істоты не дазваляе цалкам адасобіць і вылучыць для дасьледваньня

- ментальны,
- псіхічны,
- эмацыянальны
- рэфлекторна-маторны і псіха-эмацыянальны
- біяхімічны рэфлексійна-маторны

складнікі. Таму, як істота, “чалавек думаючы” павінен разглядацца комплексна, ў адзінае сістэме разам з прыналежнымі патокамі інфармацыі, рэгулючымі сыгналамі і зваротнымі сувязямі.

У сваім генэзісе ментальнасьць і менталітэт ёсьць шчыльна зьвязанымі соцыя-культурніцкімі і інфармацыйнымі сувязямі з  моваю і яе функцыямі, калі разглядаць чалавека і як асобу, і як істоту калектыўную. Таму яе вагу ў працэсе этнагенэза, а значыцца і стварэньні народнае ментальнасьці, цяжка пераацаніць. Зразумела, ментальнасьць індывіда-носьбіта “ментальнасьці народнае”, залежыць ад ступені разьвіцьця асобы і часта фунцыянуе як комплекс рэалізацыі гатовых рэфлексій, выбарак-клішэ з “банку дадзеных” пластоў памяці, што вызначаюць лінію паводзін, іх матывацыю і тэмпы ў пэўнае сітуацыі. Часам, у экстрэмальнае сітуацыі, механічна-рэфлекторнае ўжываньне такіх стандартных ўзораў паводзінаў нават замяняюць сабой ўласна мысьленьне, альбо апераджаюць яго.
Дынаміку быцьця большасці людзей можна ў значнае ступені змадэляваць як сталы дрэйф-пераход ад аднаго клішэ да наступнага.  Калі прааналізаваць фармалізаваную структуру чалавечага мысьленьня, як яна функцыянуе з пункту погляду кібэрнэтычнага мадэляваньня (гл ніжэй. “Функцыянальную схему фармаваньня сацыяльтных паводзінаў чалавечае істоты”): , то можна вылучыць наступную гірархію функцый мовы і працэсаў, у якіх яна мае значную ролю:
-          Пазначэньне і канстатацыя “Я” асобы празь унутраны маналёг апісаньня ўласнага ўзаемадзеяньня зь Рэчаіснасьцю.
-          дэтэрмінацыя лёгікі вербальнага мысьленьня празь уласна структуру мовы і яе складнікаў.
-          Дэтэрмінацыя выбаркі правільнага варыянту з базы дадзеных сьпектру наяўных клішэ паводзінаў, “перабор варыянтаў”.
-          Тэставаньне, дасьледваньне нестандартных сітуацый, у там ліку сацыяльных, з дапамогаю- і празь ўласную структуру,  лёгіку пабудовы і семантыку, пры патрэбе - мабілізацыя творчых функцый сістэмы.
-          Сінтэз новых і карэкцыя ўжо створаных клішэ.
-          Адаптацыя ўласных структураў пад зьмяненьне сітуацыі, ў тым ліку - сацыяльнае.
-          Камунікатыўная функцыя,- трансляцыя ў соцыюм уласнае волі асобы.


Відавочна, мова функцыянальна ёсьць неабходным складнікам і грунтоўнейшым чыньнікам чалавечае асобы. Таму кожная дэфамацыя, альбо простая зьмена ў стане мовы камунікацыі грамадства непазьбежна адбіваецца не толькі на “стылі” і хуткасьці (эфектыўнасьці) ўласна камунікацыі, але і на глыбінных, падставовых чыньніках грамадства і кожнае асобы.

Хачу выказаць таксама меркаваньне, што можна вылучыць пэўную гірархію структураў у грамадстве з пункту гледжаньня фармаваньня псіха-сацыяльных рэфлексій, што часткова назапашваюцца і становяцца з часам элементамі афарбоўкі нацыянальнага характэру, а пазьней  і менталітэту. Грунтам такое структурызацыі грамадства, яе падставоваю “базаваю адзінкаю”, павінна быць невялікая супольнасьць людзей, што стала маюць цесныя, штодзёныя сувязі і жывуць  як “сацыяльна – кагерэнтная” група, якая мае тоесныя дачыненьні кожнага свайго ўдзельніка з атачаючым соцыюмам. У сёняшнім грамадстве звычайна гэта – сям’я, альбо іньшыя (ў некалькі чалавек) групы сумеснага пабытовага існаваньня і дасягненьня агульных мэтаў (сацыяльны “прайд”). Менавіта на ўзроўні такое невялікае групы адбываецца найбольш інтэнсіўны і найменьш “фільтраваны” абмен інфармацыяй і ідэямі ў найбольш традыцыйнае форме.

Наступны ж, больш шырокі тып самаарганізацыі сацыяльнае супрацы чалавечага грамадства, калі людзі аб’яднаныя толькі агульнымі мэтамі і нефармальнаю гірархіяю, і гэтая супольнасьць мае больш шырокую геаграфію дзейных інтарэсаў, які ўмоўна можна назваць клянаваю, ўжо сам складаецца з такіх “базавых адзінак”.  Трэба падкрэсьліць тое, што гэтая сацыяльныя гірархія самаарганізуючыхся структураў чалавечага грамадства ёсьць незалежныя ад дзяржаўных утвароэньняў і толькі часткова дэтэрмінуюцца самою дзяржаваю і яе апаратам. Перасячэньне абодвух сістэмаў (комплексу супольнасьцяў “аўтаматычнае” сацыяльнае самаарганізацыі і дзяржструктураў) у любым выпадку адбываецца на прыватным, пэрсанальным ўзроўні.

У той жа час як раз ад пасьпяховасьці бесканфліктнае самарэалізацыі асобы ў новых, вельмі зменлівых умовах, на тле пастаяннае прысутнасьці “калектыўнага несьвядомага” ў форме нацыянальнае ментальнасьці у такіх групах (перш за ўсё сем’ях) залежыць таксама і пасьпяховасьць адаптацыйных рэакцый ўсяго грамадства і калектыўнага пераадоленьня соцыюмам “стрэсу надыходзячае невядомае будучыні”.
Як раз такія групы можна разглядаць як асноўную прастору і ўласна механізм трансфармацыі ментальнасьці грамадства і асноўным “маторам” зьменаў (альбо іх адсутнасьці) ў соцыюме.

Агульная плынь зьменаў ад пачатку трэцяга тысячагодзьдзя накіраваная на зьмяньшэньня ролі і значнасьці “палітычнае нацыі” ў форме т.зв. “нацыянальных дзяржаваў” пад ціскам набіраючых моц ад сярэдзіны мінулага веку транснацыянальных  вытворчых карпарацый і іньшых супераб’яднаньняў. Становішча абвастраецца  праз абмежаванасьць крыніцаў карысных выкапняў, іньшых рэсурсаў і доступу да іх. Але на мясцовым, лякальным узроўні гэтыя ж працэсы вядуць да падвышэньня мейсца і ролі нацыянальна-этнічных супольнасьцяў. Станаўленьне постіндустрыяльнага інфармацыйнага грамадства размывае межы клянава-клясавае стратыфікацыі традыцыйных супольнасьцяў. Усё часьцей можна назіраць утварэньне клястэрных аб’яднаньняў малых сацыяльных і бізнес-структур, законы роста якіх апісваюцца фрактальнымі функцыямі нелінейнае дынамікі. Дакладна такімі ж заканамернасьцямі звычайна апісваюцца структура і дынаміка росту натуральных жывых аб’ектаў.

Новыя формы агранізацыі соцыюма і вытворчасьці даказваюць сваю высокую эфектыўнасьць і ў спалучэньні з новымі тэхналёгіямі могуць стацца надалей магістральным шляхам разьвіцьця чалавечае цывілізацыі. Роль жа дзяржавы ў сучасным грамадстве павінна быць рэдуцыравана да ролі арбітра, што сочыць за выкананьнем законнасьці на тэрыторыі краіны і забясьпечвае аптымальныя ўмовы рэалізацыі пазітыўнае актыўнасьці грамадзян. У першую чаргу хада ідзе аб выкананні роўнасьці ўмоваў канкурэнцыі і правоў кожнае асобы, складаючае грамадства. Менавіта такі стан ўзаемадачыненьняў і  вытворчых адносіны адпавядаюць падставовым характэрыстыкам беларускае ментальнасьці.

Задачы, што стаяць перад сёньня перад намі, ёсьць агульнымі як для нас і так і ўсяго астатняга Чалавецтва, але кожны народ мае свой спосаб думаньня і знаходзіць свой адказ на нарастаючыя выклікі Надыходзячага. Канешне, разабрацца з праблемамі можа толькі супольнымі высілкамі ўсё Чалавецтва разам, але кожны народ мае свой Шлях.

Сутнасьць глябальнае сітуацыі і яе дыялектычны дуалізм не сфармулюеш лепш за таго ж “бацку сінэргетыкі”:
 
“Заданьне ў тым, каб знайсьці шлях у вузкае шчыдіне паміж  глябалізацыяй і захаваньнем культурнага плюралізма, паміж насільлем і палітычнымі мэтадамі вырашэньня праблем, паміж культураю вайны і культураю розума. Гэта кладзецца на нас як цяжкае бярэмя адказнасьці.”
 – І.Р. Прыгожын “Костка яшчэ не кінутая. (Пасланьне наступным пакаленьням)”

Комментариев нет:

Отправить комментарий